Дабрачынны Модны праект Kids Fashion Zone

падтрымка ад фонда Марыі Магдалены Радзівіл

Дабрачынны Модны праект Kids Fashion Zone

Рэйтынг: 0 / 5

Зорка неактыўнаЗорка неактыўнаЗорка неактыўнаЗорка неактыўнаЗорка неактыўна
 

Фонд Марыі Магдалены Радзівіл аказвае падтрымку арганізацыям, якія праводзяць сацыяльна важныя мерапрыемствы. У Мінску 9 лютага 2019 года ў Victoria Olimp Hotel адбудзецца дабрачынны Модны праект Kids Fashion Zone, які прымеркаваны да дзвюх асаблівых дат – Сусветнага дня барацьбы супраць раку – 4 лютага і Міжнароднага дня дзяцей, хворых на рак – 15 лютага.

Арганізатары: Цэнтр моды і стылю M.Y.STUDIO; Установа па аказанні дапамогі ў складанай жыццёвай сітуацыі «Лёс і надзея»; ДУ «РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі». 

Месца правядзення: г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 103.

Час правядзення: 14.00 – 19.00.

У рамках праекта пройдзе паказ дзіцячага адзення беларускіх дызайнераў. На подыум выйдуць сумесна дзеці, якія навучаюцца ў Цэнтры моды і стылю M.Y.STUDIO, дзеці з анкалагічнымі захворваннямі і дзеці артыстаў беларускай эстрады.

Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя штогод у свеце больш за 200 тысяч дзяцей маладзейшых за 15 гадоў захворваюць на рак і яшчэ больш за 80 тысяч – ад 15 да 19 гадоў. Захворванне дзіцяці з'яўляецца цяжкім выпрабаваннем для ўсёй сям'і. Мэта праекта – падтрымка сем'яў і фарміраванне спрыяльнага інфармацыйнага і сацыяльнага поля вакол дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі праз інклюзіўны фармат мерапрыемства: усе дзеці выйдуць на подыум з выключэннем якіх-небудзь цэтлікаў, і кожны зможа праявіць у гэтай творчай імпрэзе сваю індывідуальнасць, атрымаць пазітыўную падтрымку з боку гледачоў.

Ідэя стварэння моднага праекта Kids Fashion Zone належыць выдатнай жанчыне – Марыі Жураўлёвай. Яна з асабістага досведу ведае, як выхоўваць дзіця, якое мае асаблівыя патрэбы. 6 гадоў таму ў Марыі выявілі інваліднасць, а ў цяперашні час яна сама змагаецца з анкалагічным захворваннем. Нягледзячы на складаную асабістую сітуацыю, Марыя знаходзіць у сабе сілы і мужнасць, каб пераадольваць усе цяжкасці праз творчасць. Выхаванцамі адукацыйнага цэнтра з'яўляюцца дзеці самых розных катэгорый, а калектыў установы стварае ўсе ўмовы для развіцця творчых здольнасцяў навучэнцаў, самарэалізацыі іх асобы.

Марыя Жураўлёва: «Калі ў сям'і ў каго-небудзь з яе членаў дыягнастуюць цяжкае захворванне, гэта, безумоўна, гора для кожнага, але гэта гора адчуваецца ўдвая, калі хварэе дзіця. Дзеці – гэта самая вялікая каштоўнасць для нас, менавіта таму складаней за ўсё змагацца з такім ударам лёсу, як дзіцячы рак. Так ужо здарылася, што я сама сутыкнулася з шэрагам няшчасцяў, якія зваліліся на маю сям'ю: спачатку інваліднасць выявілі ў маёй дачкі, потым я сама апынулася ў інвалідным вазочку і вось цяпер я змагаюся з ракам. Таму не па чутках ведаю, з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца людзям, што маюць асаблівыя патрэбы.

Праводзячы гэты праект, мы ставім сабе некалькі мэтаў. Па-першае, хочам змяніць погляд на звыклую беларускую моду, адысці ад збітых стэрэатыпаў і паказаць, што можна выглядаць стыльна, модна і ярка, апранаючыся ў беларускія брэнды. Па-другое, мы хочам стварыць годную пляцоўку для рэалізацыі творчых задумак і здольнасцяў, як для мадэляў, так і для дызайнераў, фатографаў, юных журналістаў і г.д. І, па-трэцяе, хочацца кардынальна змяніць стаўленне да дзяцей з цяжкімі захворваннямі і з парушэннямі развіцця, паказаць, што яны не маюць патрэбы ў іншым стаўленні, а могуць нароўні вучыцца і працаваць з усімі астатнімі. Мая мара – змяніць погляд на беларускую моду, змяніць да яе стаўленне, пабудаваць шырокадаступную сістэму “мадэльная школа – вучань – высокая мода”. Я не маю ілюзіяў, а толькі веру, што разам са сваёй камандай мы зробім гэты свет лепшым, чысцейшым, больш сумленным».

Барысевіч Марына Уладзіміраўна, намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай працы ДУ РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі: «Мы рады ўдзельнічаць у модным праекце, бо гэта выдатная магчымасць для нашых пацыентаў адчуць сябе актыўнымі, упэўненымі, прыгожымі, што вельмі важна для іх якасці жыцця».

Праект аб'ядноўвае ў сабе творчых людзей Беларусі, якія робяць адну агульную справу: у праекце ўдзельнічаюць беларускія дызайнеры, гандлёвыя маркі і беларускія брэнды, а таксама мадэльныя агенцтвы і школы, на базе якіх праводзіцца комплекснае навучанне асновам дэфіле. Праект падтрымліваюць артысты беларускай эстрады і іх сем'і.

Усе сродкі, сабраныя за ўваходныя квіткі на праекце, будуць пералічаныя на лячэнне і рэабілітацыю дзяцям, якія маюць у гэтым патрэбу.

Праграма, набыць квіткі

Падтрымаць праект праз “Талака”

Для дадатковай інфармацыі:

– Цэнтр моды і стылю M.Y.STUDIO, Марыя Журавлёва +375297562209

– Установа па аказанні дапамогі ў складанай жыццёвай сітуацыі «Лёс і надзея», Наталля Шэх +375297738582

– ДУ «РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі», Барысевіч Марына Уладзіміраўна + 375296284621

 

Чэр 28, 2018
8 ліпеня споўніцца 157 год з дня народзінаў Марыі Магдалены Радзівіл. З гэтай нагоды ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха), дзе пахаваны прах Магдалены Радзівіл, пройдзе святочная імша.
Чэр 05, 2019
У канцы мая Алесь Сапега наведаў Радыё Беларусь і распавёў аб плануемых мерапрыемствах Аб'яднання беларусаў у Швейцарыі і аб дзейнасці Фонду Марыі Магдалены Радзівіл.
Чэр 16, 2019
29 чэрвеня ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы адбудзецца святочны вечар, прысвечаны дню народзінаў Марыі Магдалены Радзівіл (8 ліпеня).
Сак 21, 2019
25 сакавіка 2019 года – 101 год са дня абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі. Актыўную падтрымку створаннай ў 1918 годзе БНР аказвала Марыя Магдалена Радзівіл.
Жні 22, 2018
Ва ўрочышы Курапаты – знакавым месцы, вядомым ва ўсім свеце як месца масавых расстрэлаў пад Мінскам у часы сталінкіх рэпрэсій ў 1937-1941 гг. – пры наяўнасці групы колькасцю ад 5-6 чалавек АРТ ...

Please publish modules in offcanvas position.