Беларуская мова

Беларуская мова

Рэйтынг: 0 / 5

Зорка неактыўнаЗорка неактыўнаЗорка неактыўнаЗорка неактыўнаЗорка неактыўна
 

Нараджэнне і развіццё мовы абумоўліваецца асаблівасцямі гісторыі, жыцця народа. Узнікненне і фарміраванне беларускай мовы адбывалася ў непарыўнай сувязі з гісторыяй усяго славянства.

У III тысячагоддзі да нашай эры склалася славянская этнічная супольнасць, адзіны славянскі народ са сваёй мовай і культурай. Да сярэдзіны I тысячагоддзя нашай эры, славяне карысталіся адной мовай, якую ў навуцы прынята называць праславянскай або агульнаславянскай. Самым працяглым у гісторыі беларускай мовы быў перыяд агульнаславянскі, ад якога ў мовах сучасных славян захаваліся аднолькавая лексіка, аднолькавыя фанетычныя заканамернасці і рысы граматычнага ладу.

У VI–VII стст. завяршылася рассяленне славян на вялікай тэррыторыі Еўропы; у выніку ўтварыліся тры групы славянскіх плямен: усходнія, заходнія і паўднёвыя славяне. Беларуская народнасць сфарміравалася на аснове ўсходнеславянскіх пляменаў – крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. 

На працягу Х–ХІІІ стст. усходнеславянскія народнасці, у тым ліку і беларуская, карысталіся адной пісьмовай (літаратурнай) мовай, на якой створана даволi шмат рукапiсных помнiкаў (рэлiгiйных, справавых, мастацкiх). Некаторыя з захаваных старажытнаўсходнеславянскiх твораў напiсаны на беларускай зямлi нашымi славутымi продкамi: К. Typаўскiм, К. Смаляцiчам, Л. Богшам i iншымі.  Найбольш знакамiтымi помнiкамi таго часу з'яўляюцца: «Слова пра паход Iгаравы», «Аповесць мiнулых часоў», «Руская праўда». 

З улікам наяўнасці пісьмовых помнікаў усю гісторыю беларускай літаратурнай мовы можна падзяліць на тры асноўныя перыяды яе развіцця. 

Першы перыяд (Х–ХІV стст.) – агульнаславянскі перыяд. Гэта час існавання і развіцця старажытнарускай, ці старажытнаўсходнеславянскай, літаратурнай мовы. На гэты час не было кнігадрукавання, таму ўсе пісьмовыя помнікі з’яўляюцца рукапіснымі. Да нашага часу захавалася каля тысячы разнастайных рукапісаў гэтага перыяду, палова з якіх прыпадае на ХІV ст.

Другі перыяд існавання беларускай літаратурнай мовы ахоплівае ХІV–ХVІІІ стст. – старажытнабеларускі перыяд. Храналагічна ён супадае з утварэннем і далейшым развіццем беларускай народнасці ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, у якім землі сучаснай Беларусі складалі асноўную частку яго тэрыторыі. Мову гэтага перыяду прынята называць старажытнабеларускай, або старабеларускай. У XV ст. яна дасягае найвышэйшай ступені свайго развіцця і выступае ўжо як асобная славянская мова. Старажытная беларуская мова з XIV ст. з’яўлялася дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім і выкарыстоўвалася ва ўсіх сферах гаспадарчага і грамадскага жыцця. 

Сведчаннем развіцця юрыдычнай думкі эпохі феадалізму з’яўляецца створаны на старажытнай беларускай мове Статут Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (1529, 1566, 1588), адзіны ў Еўропе XVI ст. збор законаў.

Важную ролю ў развіцці тагачаснай культуры адыграла кнігадрукаванне, заснавальнікам якога быў сын беларускага народа таленавіты вучоны і асветнік – Францішак Скарына. Яго выдавецкая дзейнасць, распачатая ў 1517, паслужыла пачаткам кнігадрукавання ва ўсходніх славян. Вялікі ўклад у развіццё беларускай мовы ўнеслі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі.

Пасля 1569 года Вялікае Княства Літоўскае паводле Люблінскай уніі аказалася ў палітычным падпарадкаванні Рэчы Паспалітай. Беларуская феадальная знаць выраклася роднай мовы i культуры. Склаліся неспрыяльныя ўмовы для дальнейшага развіцця беларускай лiтаратурнай мовы. Яна паступова стала выцясняцца з усiх сфер грамадскага жыцця. У 1696 г. быў прыняты закон, паводле якога беларуская мова як дзяржаўная (пісьмовая) забаранялася і ўводзілася польская.

У канцы XVII–XVIII стст. пісьмовая беларуская мова знаходзілася ў заняпадзе. Гэта быў заключны перыяд у працяглай гісторыі старажытнай беларускай лiтаратурнай мовы і ён бедны на пiсьмовыя помнiкi.

Перыяд новай беларускай лiтаратурнай мовы прыпадае на XIX і XX стст. У канцы XVIII ст. Беларусь знаходзiцца ў складзе Расiйскай імперыi. Гэта не прынесла беларускаму народу спрыяльных умоў для нармальнага развіцця яго нацыянальнай культуры, мовы.  У 1840 г. царызм спыніў дзеянне на Беларусі Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588, ліквідаваў грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву, якая вяла набажэнства на беларускай мове, забараніў ужываць у афіцыйных дакументах назву “Беларусь”. 

Працяглы час заняпаду старажытнай беларускай мовы прывёў да таго, што яе традыцыі былі страчаныя і новая літаратурная мова пачала фарміравацца на базе вуснай народна-дыялектнай мовы незалежна ад старажытнай. У працэсе яе станаўлення галоўную ролю адыграла мастацкая літаратура. Вялікая заслуга ў стварэнні беларускай літаратурнай мовы належыць Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, Францішку Багушевічу, Янку Лучыну, Адаму Гурыновічу, Альгерду Абуховічу, Кастусю Каліноўскаму. У іх творах удасканальваліся і замацоўваліся ў якасці нормы больш агульныя моўныя рысы, характэрныя для ўсіх беларускіх гаворак. 

На пачатку ХХ ст. была знятая забарона карыстацца беларускай мовай, друкаваць на ёй. Сталі выдавацца беларускія газеты і часопісы “Наша Ніва”, “Наша Доля”, “Лучынка”, “Беларус”. Узнікла выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца”. 

Пачалі стварацца падручнікі для беларускіх школ. У мастацкую літаратуру прыйшлі пісьменнікі магутнага таленту: Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, М. Гарэцкі, Ц. Гартны. Значную частку сваёй маёмасці на развіццё беларускай мовы ўнесла Марыя Магдалена Радзівіл.

Інтэнсіўна выпрацоўваюцца лексічныя, арфаграфічныя, граматычныя нормы. Гэта быў самы плённы перыяд у развіцці і станаўленні новай беларускай літаратурнай мовы за ўвесь час яе адраджэння.

Новы этап у гісторыі беларускай літаратурнай мовы быў звязаны з будаўніцтвам на пачатку 1920-х гг. беларускай дзяржавы. Беларуская мова стала мовай дзяржаўных і гаспадарчых устаноў, школы і навукі, мастацкай літаратуры і перыядычнага друку, радыё і тэатра. Літаратурная мова ўзбагацілася новай тэрміналагічнай лексікай, развіваліся і ўдасканальваліся стылі, замацоўваліся моўныя нормы. 

З 1930-х гадоў пачынаецца мэтанакіраванае выцясненне беларускай мовы са сферы навучальна-выхаваўчага працэсу ў школе. Паступова беларуская мова выцясняецца і з многіх іншых сфер грамадскага жыцця.

26 студзеня 1990 г. быў прыняты закон аб беларускай мове, які прадугледжваў аднаўленне беларускай мовы найперш у сферы афіцыйна-дзелавога ўжытку, у адукацыі. Рэферэндум 14 мая 1995 г. пастанавіў дзяржаўнае двухмоўе:  беларуская і руская мовы могуць раўнапраўна выкарыстоўвацца як дзяржаўныя ў розных сферах жыцця рэспублікі. Але, улічваючы большую пашыранасць рускай мовы ў беларускім грамадстве, такое раўнапраўе дзвюх моў фактычна стварае пэўныя перавагі для рускай мовы.

Тым не менш беларускім народам створаны фальклор, адзін з найбагацейшых у Еўропе, і адметнае беларускае пісьменства, дзе прадстаўлены арыгінальны светапогляд беларусаў, адлюстраваныя на пісьме светаадчуванне і бачанне навакольнага жыцця, якія ўяўляюць сабой духоўную каштоўнасць сусветнага маштабу, бо не паўтараюць іншыя літаратуры і фальклор, не прыпадабняюцца да іх.

Славуты зямляк, паэт Адам Міцкевіч называў беларускую мову самай чыстай і багатай з усіх славяскіх моў. У апошнія дзесяцігоддзі беларуская мова працягвае ўзбагачвацца новымі сродкамі выразнасці, новай лексікай як за кошт выкарыстання ўласных рэсурсаў, так і шляхам запазычання з іншых моў. Яна знаходзіцца ў няспынным удасканаленні і развіцці.

 

Чэр 28, 2018
8 ліпеня споўніцца 157 год з дня народзінаў Марыі Магдалены Радзівіл. З гэтай нагоды ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха), дзе пахаваны прах Магдалены Радзівіл, пройдзе святочная імша.
Чэр 05, 2019
У канцы мая Алесь Сапега наведаў Радыё Беларусь і распавёў аб плануемых мерапрыемствах Аб'яднання беларусаў у Швейцарыі і аб дзейнасці Фонду Марыі Магдалены Радзівіл.
Чэр 16, 2019
29 чэрвеня ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы адбудзецца святочны вечар, прысвечаны дню народзінаў Марыі Магдалены Радзівіл (8 ліпеня).
Сак 21, 2019
25 сакавіка 2019 года – 101 год са дня абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі. Актыўную падтрымку створаннай ў 1918 годзе БНР аказвала Марыя Магдалена Радзівіл.
Жні 22, 2018
Ва ўрочышы Курапаты – знакавым месцы, вядомым ва ўсім свеце як месца масавых расстрэлаў пад Мінскам у часы сталінкіх рэпрэсій ў 1937-1941 гг. – пры наяўнасці групы колькасцю ад 5-6 чалавек АРТ ...

Please publish modules in offcanvas position.